Адрес райисполкома: Республика Беларусь, Минская область, 223411 г.Узда, ул. Советская, 22.

Телефон приемной: (8-01718) 65-5-07

Факс приёмной райисполкома: (8-01718) 65-3-57

E-mail: isp@uzda.minsk-region.by

Автовокзал в г.Узда
Автовокзал в г.Узда
Главная / Новости / Новости района
1 марта 2017

Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) адзначыла 90-гадовы юбілей

1 сакавіка, Узда /Уласн. інф./. Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) ставіць сваёй мэтай дзейнасць па падрыхтоўцы грамадзян да вайсковай службы, падрыхтоўцы спецыялістаў для Узброеных Сіл, іншых войскаў і ваенных фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, кадраў масавых тэхнічных прафесій. У апошні час ДТСААФ актыўна шукае новыя шляхі ў патрыятычным выхаванні, развіцці авіяцыйных і тэхнічных відаў спорту. 28 лютага гэта арганізацыя адзначыла 90-гадовы юбілей…

Дастойна прадстаўляе абароннае таварыства Уздзенская раённая арганізацыя, якая абнавіла сваю дзейнасць у маі 2014 года.

– У аснове нашай работы, – расказвае яе старшыня Яўгеній Уласевіч, – ваенна-патрыятычнае выхаванне, падрыхтоўка вадзіцеляў катэгорыі “В”, развіццё тэхнічных відаў спорту, падрыхтоўка моладзі да службы ў арміі, узаемадзейнічанне ў сферы патрыятычнага выхавання моладзі з мясцовымі органамі ўлады і грамадскімі арганізацыямі.

Галоўнай мэтай тут не ставяць павелічэнне колькасці членаў (пярвічкі створаны пры гарадскіх і сельскіх школах, ліцэі, Негарэльскай СШ, раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў). Актывісты арганізацыі працуюць над папулярызацыяй той дзейнасці, якая цікава для падрастаючага пакалення. Менавіта ад моладзі, актыўнай, творчай, ініцыятыўнай, рухальнай энергіяй зараджаюцца і старшыня арганізацыі Яўгеній Уласевіч, і яго калегі. Практычна кожны дзень у музеі, ціры, створаных пры арганізацыі, можна ўбачыць юнакоў. Яны займаюцца пошукавай дзейнасцю, папаўняюць фонды музея новымі экспанатамі, разам з маёрам запасу шукаюць новыя тэмы, маршруты для экскурсій, адточваюць навыкі стральбы ў ціры і ў час страйкбольных гульняў.

Як вынік – міжшкольныя спаборніцтвы, якія так падабаюцца юнакам. Адно з апошніх было прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і прайшло на базе гімназіі. Удзел у ім прынялі каманды СШ № 1 імя А. Пушкіна, СШ № 2 імя К. Крапівы, гімназіі, Нёманскай СШ імя І. Гурскага, Хатлянскай СШ, ліцэя, Негарэльскай СШ і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Каманды змагаліся ў зборцы і разборцы аўтамата, напаўненні магазіна патронамі, апрананні амуніцыі ратавальніка, стральбе па мішэнях, веданні песень ваенных гадоў і ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Дастойна канкурсанты вытрымалі і інтэлектуальны экзамен па веданні вайсковага алфавіта. За ходам спаборніцтваў сачылі эксперты страйкбольнага клуба “Ураган” Яўгеній Дзёмін, Андрэй Бянькоўскі, Яўгеній Якуценка, Максім Назаранка, Віктар Рамановіч і госці мерапрыемства старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Іван Аліпаў, супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолій Мордас, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Юлія Зяневіч, метадыст райаддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Шыманская.

Усе каманды выступілі дастойна. У тройку лідараў трапілі СШ № 1, СШ № 2 і гімназія. Лепшым знаўцам ваеннай віктарыны назвалі Паўла Русака (гімназія). Найбольшую колькасць балаў у конкурсе “Адгадай мелодыю” набрала каманда ліцэя. Лепшым стралком прызнаны Антон Кодзін (гімназія). Пераможцам па выніках ваенна-спартыўнай праграмы стала каманда СШ № 1. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны граматамі і сувенірамі.

Цікавасць да дзейнасці ДТСААФ праяўляюць вучні і настаўнікі ўсіх школ раёна. Пастаянна там праходзяць выстаўкі пагонаў і шаўронаў з калекцыі Яўгенія Уласевіча, сустрэчы з афіцэрамі.

Уражвае колькасць матэрыялаў і экспанатаў музея, створанага сумеснымі намаганнямі афіцэраў і воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна, якія, дарэчы, таксама з’яўляюцца членамі ДТСААФ. “Халодная зброя”, “Страйкбольная зброя”, “Калекцыя шаўронаў”, “Форма адзення розных відаў войскаў”, “Куток афганскіх падзей”, “Дзейнасць 7-й пагранзаставы на тэрыторыі Уздзенскага раёна”, “Гісторыя партызанскага руху ў раёне” – вось асноўныя экспазіцыі музея. Экспанаты не адзін раз выязджалі за межы раёна: яны дэманстраваліся ў Мінску (у парку імя Паўлава і цэнтральным музеі ДТСААФ), Заслаўі, Салігорску, Нясвіжы, Валожыне, каля Кургана Славы. У вучэбным пакоі музея арганізоўваюцца заняткі для школьнікаў па правілах паводзін пры знаходжанні выбухованебяспечных прадметаў, разборы і зборы парашута.

Удзельнікамі мерапрыемстваў пад эгідай ДТСААФ становяцца і мясцовыя байкеры. Знаходзяць час, каб сустрэцца з юнымі ДТСААФаўцамі, паказаць сваё майстэрства, Аляксандр Чарнавус, Дзяніс Бокуць, Павел Трацэўскі і іншыя.

– Адзін з асноўных накірункаў, у якім працуе арганізацыя, – падрыхтоўка вадзіцеляў катэгорыі “В”, – адзначае старшыня РАС ДТСААФ Яўгеній Уласевіч. – За час работы аўташколы яе выпускнікамі сталі не адзін дзясятак юнакоў і дзяўчат, якіх цяпер прыемна сустракаць на дарогах горада і раёна.

Вучэбны клас разлічаны на 30 чалавек. Памяшканне абсталявана ў адпаведнасці з правіламі СТБ. Тут прадстаўлены дэталі, стэнды з дарожнымі знакамі. Наглядная агітацыя адпавядае новай рэдакцыі правілаў дарожнага руху. Асобнае месца ў класе займаюць камп’ютары з навучальнымі праграмамі.

Пачалі практыкаваць і заняткі для школьнікаў па правілах дарожнага руху.
Праходзяць яны ў інтэрактыўнай форме, за камп’ютарамі. З цікавасцю пакуль яшчэ школьнікі, а пасля будучыя вадзіцелі слухаюць выкладчыка Аляксандра Буяшова. Расказвае ён у даступнай форме, нават самую складаную сітуацыю патлумачыць так, што зрабіць памылку пры рашэнні тэстаў пасля проста немагчыма. Карысць такіх заняткаў ужо ацанілі ў многіх школах: гэта дазваляе дзецям больш грунтоўна рыхтавацца да адпаведных конкурсаў і алімпіяд.

Адной з формаў работы, якая асабліва падабаецца юнакам і дзяўчатам, – наведванне вайсковых часцей. Летась вучні Нёманскай школы завіталі на 361-ю базу аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў ваеннага кіравання. Гэта элітнае падраздзяленне забяспечвае ўрачыстыя рэспубліканскія мерапрыемствы (парады, агляды), міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва. У час экскурсіі школьнікі пазнаёміліся з бытам і буднямі салдат, прайшліся па плацу, пастроіліся ў казарме на імправізаваную паверку, зазірнулі ў сталовую, наведалі салдацкі клуб і куток ваеннай славы, паглядзелі фільм пра гісторыю базы. Незабыўныя ўражанні засталіся і ад наведвання музея зброі. Прадстаўленыя там экспанаты маюць багатую гісторыю. Да іх можна было не толькі дакрануцца, але разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава, прымерыць бронекамізэльку, салдацкую каску, пакласці на плячо супрацьтанкавы мінамёт… Наведванне вайсковых часцей толькі ўмацоўвае пачуццё гонару за айчынныя Узброеныя Сілы.

Шмат увагі надаецца пошукавай і даследчай рабоце. У апошні час асноўнымі тэмамі, якія цікавяць ДТСААФаўцаў, сталі гісторыя Прусінаўскай пагранзаставы, доты паблізу магільнянскай зоны, інфармацыя пра ўраджэнца вёскі Ліцвяны Паўла Гундзіловіча і іншыя.

 – Задумак у нас многа, – гаворыць Яўгеній Уласевіч. – А з такімі актыўнымі памочнікамі, веру, што ў нас усё атрымаецца.

 Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)
http://www.uzdanews.by/?p=45291#more-45291

 

Интернет-ресурсы