Адрес райисполкома: Республика Беларусь, Минская область, 223411 г.Узда, ул. Советская, 22.

Телефон приемной: (8-01718) 65-5-07

Факс приёмной райисполкома: (8-01718) 65-3-57

E-mail: isp@uzda.minsk-region.by

Автовокзал в г.Узда
Автовокзал в г.Узда
Главная / Новости / Новости района
21 ноября 2017

Сын загінуўшага ў гады Вялікай Айчыннай вайны лейтэнанта Івана Чэрнікава наведаў магілу бацькі, пахаванага ў брацкай магіле ў аграгарадку Возера

21 лістапада, Узда /Уласн. інф./.  Сярод 82 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Возера, значыцца і імя старшага тэхніка лейтэнанта Івана Іванавіча Чэрнікава. Побач прозвішчы яго калег па ваеннай справе з падраздзялення знішчальнай авіацыі супрацьпаветранай абароны младшых лейтэнантаў У. Яўстафьева і Я. Казакова, лейтэнанта С. Палякова, старшага лейтэнанта І. Філаненкі. Сказана пра іх і ў кнізе “Памяць. Уздзенскі раён” як пра воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Уздзеншчыны і пахаваны на тэрыторыі Азерскага сельсавета.

Доўгі час падрабязнасці пра гібель гэтых людзей былі невядомымі. Скупыя звесткі пра лёс І. Чэрнікава размешчаны і на сайце абагуленага банка дадзеных “Мемарыял” Расійскай Федэрацыі”, дзе ўтрымліваецца інфармацыя пра абаронцаў Айчыны, што загінулі і прапалі без звестак у час вайны і пасля яе. Было вядома толькі, што І. Чэрнікаў і С. Палякоў загінулі 19 красавіка 1945 года, а іх сябры, названыя вышэй, -- 12 сакавіка таго ж года.

І вось нядаўна, адшукаўшы адрас і тэлефон у інтэрнэце, у Азерскі сельскі Савет патэлефанаваў, а 4 лістапада і завітаў сын І. Чэрнікава Анатолій Іванавіч, падпалкоўнік у адстаўцы, які прывёз пэўныя дакументы і ўспаміны, якія расказваюць пра абставіны смерці лётчыкаў.

Іван Чэрнікаў нарадзіўся на станцыі Белая Калітва Растоўскай вобласці ў 1912 годзе. Да вайны скончыў лётнае вучылішча, на фронт пайшоў, пакінуўшы жонку і трохмесячнага сына. Калі хлопчыку было тры гады, маці патанула, унука да яго сталення даглядала бабуля. А бацька ваяваў за вызваленне краіны ад фашыстаў. Ваяваў смела, адважна, узнагароджаны як мінімум дзвюма баявымі ўзнагародамі, пра што сведчыць дасланая на імя маці воіна пасля яго гібелі даведка з вайсковай часці № 03488, у якой паведамляецца, што “…на ўтрыманні загінулага старшага тэхніка, лейтэнанта, узнагароджанага дзвюма ўрадавымі ўзнагародамі, Чэрнікава Івана Іванавіча знаходзяцца маці Праскоўя Мікітаўна і сын Анатолій 1941 года нараджэння”. Даведка выдана для прадастаўлення ў райваенкамат, іншыя мясцовыя органы ўлады для права атрымання ільгот, прадугледжаных заканадаўствам для сем’яў ваеннаслужачых-ардэнаносцаў.

Вайсковую часць, у якой служыў І. Чэрнікаў (“штаб-56” – так пасля назвалі авіяцыйнае падраздзяленне яго сыну), пасля вызвалення Беларусі пакінулі недалёка ад Мінска, побач з вёскай Возера.

Апошняе прыжыццёвае пісьмо воіна на радзіму датавана 13 сакавіка 1945 года, крыху больш як за месяц да смерці. “Добры дзень, дарагая мамаша і дарагі сынок Анатолій Іванавіч!!! – чытаем у пажоўклым ад часу лісце. -- Паведамляю вам, што пісьмо ваша я атрымаў, да глыбіні душы рад, што вы жывыя і здаровыя. Мама! Дасылаю вам даведку, паводле якой вас абавязаны вызваліць ад усіх падаткаў… Акрамя таго, я паслаў пісьмо ў вобласць, каб там растлумачылі на якія падаткі якія льготы для вас прадугледжаны. Як атрымаю адказ, адразу ж вам паведамлю… Калі скончыцца корм для каровы, ідзіце ў сельскі Савет, вам дапамогуць… Мама, сёння я атрымаў касцюм з пашыўкі. Штаны пашыты вельмі добра, а вось кіцель не вельмі. Калі будзе магчыма, сфатаграфуюся і вышлю. Здароўе  ў мяне цяпер добрае. Прывітанне ўсім вам – бабулі, цёці Сані, Лёлі, Марыі, Лоры з дзецьмі, Яўгенію, Наталлі, Паўлу, Сяргею… Будзьце здаровы, ваш сын…”

Але наступнае пісьмо маці Івана Іванавіча і яго чатырохгадовы сын атрымалі не ад воіна, а з ваенкамата Белакалітвенскага раёна. У ім, датаваным 9 чэрвеня 1945 года, паведамляецца: “Ваш сын … у баях за сацыялістычную радзіму застаўся верным ваеннай прысязе, праявіўшы гераізм і мужнасць, загінуў 19 красавіка 1945 года – быў забіты агнястрэльнай зброяй невядомымі асобамі і пахаваны з захаваннем воінскіх почасцей на могілках сяла Возера Уздзенскага раёна Мінскай вобласці…

Што ж здарылася за 20 дзён да заканчэння вайны за тысячы кіламетраў ад асноўнага тэатра ваенных дзеянняў? Пра абставіны смерці І. Чэрнікава паведаміў маці лётчыка яго калега, старшы лейтэнант Калін…(далей прозвішча ў напісаным ад рукі лісце чытаецца цяжка; датавана пісьмо 3 кастрычніка 1945 года). “Ваню я ведаў з сакавіка 1943 года. Мы былі добрымі сябрамі, вучыліся разам у палку, і ён, калі я прыйшоў у полк, дапамагаў мне ў асваенні новай матэрыяльнай часці. Напярэдадні яго смерці я жыў у вёсцы, а Іван з сябрамі ў зямлянках у лесе. А загінуў ён так. Днём ён са старшым лейтэнантам Паляковым пайшлі праз лес у адну з вёсак. Вярталіся ў часць ноччу, таксама лесам. Выйшлі на дарогу, міма працякала рака. Тут іх і напаткала аўтаматная чарга. Адна куля трапіла Ваню ў скроню, другая – у вока. Знялі з забітых хромавыя боты, новыя сінія брукі. Цела адцягнулі ў лес і закідалі галлём… Я ў гэты час быў старшыной, і мне паведамілі аб тым, што ў лесе знайшлі целы двух старшых лейтэнантаў з нашай эскадрыллі (высвятляецца, такім чынам, што на дзень смерці І. Чэрнікаў ужо меў званне старшага лейтэнанта – В. С.). Я тут жа паклікаў следчага, і мы на аўтамабілі прыехалі да месца здарэння. Тут і ўбачылі страшную карціну. Акрамя часткі адзення злачынцы забралі дакументы, грошы… Потым, пасля агляду мясцовых урачоў, я павёз іх целы ў Мінск у бальніцу для ўскрыцця і медапасведчання, а адтуль прывёз дзве труны. У Возеры іх пахавалі з почасцямі, зрабілі помнік, дзяўчаты сплялі вянкі… Недарэчная смерць. Нам усім вельмі шкада, мы ведалі іх як добрых сяброў, афіцэраў, якія ўсе свае сілы аддавалі дзеля перамогі над фашыстамі, зведалі нямала цяжкасцей і загінулі ў самым канцы вайны…”

Цяпер Анатолій Чэрнікаў жыве ў Маскве. Як і бацька, ён скончыў авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, пазней – тры ваенныя акадэміі. У запас пайшоў у званні падпалкоўніка. Разам з сябрам і суседам па дачы В. Тоўстым звыш дзесяці гадзін правялі яны ў аўтамабілі, пакуль дабраліся да Возера. Тут іх сустрэлі старшыня сельвыканкама Анжэла Федчанка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Пяткевіч. А каля абеліска побач з брацкай магілай гасцей чакала настаўніца Вольга Лысёнак (дарэчы, яе маці – таксама ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, знакамітая ў азерскай акрузе медсястра Вольга Сарокіна), дзеці, якія пастаянна падтрымліваюць тут парадак. Да падножжа помніка ляглі жывыя кветкі.




















--Я шчыра ўдзячны ўсім, хто захоўвае тут памяць пра майго сына, яго калег, усіх загінулых салдат і афіцэраў, -- казаў расхваляваны Анатолій Іванавіч. – Цяпер маё сэрца будзе спакойным – на беларускай зямлі ўдзельнікаў вайны, жывых і памерлых, шануюць.

4 воінскія могілкі, 65 брацкіх магіл, 41 індывідуальная магіла і адно месца масавага знішчэння людзей, 57 помнікаў і мемарыяльных дошак – такую “спадчыну” пакінула на ўздзенскай зямлі Вялікая Айчынная вайна. Тут знайшлі свой апошні прытулак 3855 ваеннаслужачых, удзельнікаў супраціўлення, ваеннапалонных і ахвяр вайны, з іх імёны 2257 пакуль невядомыя…

 

Газета “Чырвоная зорка”,

Віктар САБАЛЕЎСКІ

 

Интернет-ресурсы